Свята беларускага пісьменства
У гэтым годзе свята беларускага пісьменства праходзіла ў Добрушы. Выкладчыкі кафедры беларускай мовы і студэнты 2-га і 3-га курсаў прынялі ўдзел у адзначэнні дадзенага свята. Адразу ўразіў літаратурны цягнік, які вёз усіх жадаючых у слаўны горад Добруш з Гомеля.
Студэнтка БЗА-21 Віялета Сцепчанка адзначыла, што Добруш вельмі цёпла сустрэў гасцей, на чыгуначным вакзале чакалі спецыяльныя аўтобусы, якія даставілі ўсіх прама на свята.
На пачатку можна было ўбачыць шмат выстаў, якія былі прысвечаны ахове здароўя, дапамозе іншым і інш. Далей можна было наведаць ваенны музей на калёсах, які прыехаў на свята з Мінску.
Асноўную тэрыторыю плошчы займалі выставы з розных раёнаў Гомельскай вобласці. Гэтыя выставы ладзілі мясцовыя газеты, часопісы, музеі, бібліятэкі і майстры. Кожная выстава была прысвечана яскравым адметнасцям раёнаў, іх славутасцям і знакамітым людзям. Былі падрыхтаваны цікавыя інтэрактывы для гасцей, за якія можна было атрымаць невялікія падарункі. Інтэрактывы былі самыя розныя: ад адказаў на пытанні да вырабу лялькі-зернавушкі.
На выставах майстроў можна было пабачыць вышытыя ручнікі, вырабы з бісеру, лялькі з лазы і інш.
Асноўнай адметнасцю стаў адкрыты ў першы дзень свята помнік Івану Шамякіну, каля якога сучасныя паэты і пісьменнікі чыталі свае творы.
У самым цэнтры плошчы была размешчана вялікая сцэна, на якой адбыўся святочны канцэрт і было аб'яўлена, які горад прыме свята ў наступным годзе.