Універсітэцкія суботы 2024
30 сакавіка 2024 года ў рамках універсітэцкай акцыі “Універсітэцкія суботы” адбылася сустрэча кіраўніцтва ГДУ імя Ф. Скарыны з пераможцамі абласнога і рэспубліканскага этапаў алімпіяд і патэнцыяльнымі медалістамі-выпускнікамі школ, гімназій і ліцэяў Гомельскай вобласці і ўзнагароджанне пераможцаў універсітэцкай алімпіяды па розных прадметах.
Працягам сустрэчы для выпускнікоў устаноў сярэдняй адукацыі, іх бацькоў і блізкіх было арганізавана знаёмства з філалагічным факультэтам: прадстаўнікамі кафедраў, студэнтамі, кабінетамі, музеямі, планамі і перспектывамі набору на 1 курс усіх спецыяльнасцей факультэта. На сустрэчы прысутнічалі вучні з розных школ і гімназій г. Гомеля (№ 22, 44, 58, 60, 75) і Гомельскай вобласці (Жлобін, Лоеў, Рэчыца, Хойнікі).
Госці факультэта цікавіліся пытаннямі паступлення, пражывання, спецыфікі накірункаў кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання кітайскай і іншымі мовамі, працэсам навучання ўвогуле, заглядваючы ў будучыню – размеркаваннем і інш.
Ініцыятыўная група студэнтаў філалагічнага факультэта ў складзе Ксеніі Шыхалавай (гр. РФ-21), Вікторыі Краўчанка і Таццяны Мальчыкавай (гр. РФ-11) па-свойму правялі знаёмства патэнцыяльных абітурыентаў нашага факультэта, адказалі на ўсе іх пытанні, праілюстраваўшы сваё студэнцкае жыццё загадзя падрыхтаванай прэзентацыяй пра вучобу, навуковую студэнцкую дзейнасць, арганізацыю розных конкурсаў, выхаваўчых мерапрыемстваў – адным словам, усе аспекты жыцця студэнтаў-філолагаў. Цікавым стала выступленне студэнта 2 курса Аляксея Казлякоўскага (гр. БЗА-21), які ўзначальвае студэнцкі савет факультэта.
Факультэт прадстаўлялі А.У. Нічыпорчык, загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства, доктар філалагічных навук, прафесар, і З.У. Шведава, намеснік дэкана філалагічнага факультэта па прафарыентацыі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай мовы, якія пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі пра шанаванне і захаванне памяці аб знакамітых выпускніках, пра традыцыі факультэта, пра арганізацыю і вынікі актыўнай навуковай работы выкладчыкаў факультэта са студэнтамі, пачынаючы з першага курса і прадаўжаючы з магістрантамі і аспірантамі, тым самым паказваючы перспектывы для будучых навукоўцаў.
Вучні і іх бацькі праявілі вялікую цікавасць, задавалі шмат пытанняў.
Дарагія выпускнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі!