Гісторыя кафедры

Кафедра беларускай мовы ў цяперашнім яе выглядзе вядзе сваю гісторыю ад 70 гадоў ХХ ст. У 1975 годзе кафедра беларускай і рускай моў была падзелена на кафедру беларускай мовы і кафедру рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства. Узначаліў кафедру беларускай мовы доктар філалагічны навук прафесар Уладзімір Васільевіч Анічэнка.

Імя Уладзіміра Васільевіча добра вядома не толькі ў беларускім мовазнаўстве, але і ва ўсім славістычным свеце. Ён з’яўляецца аўтарам каля 250 навуковых і вучэбна-метадычных прац. У 1976 г. Уладзіміру Васільевічу было прысвоена званне Заслужанага дзеяча навукі Беларускай ССР.

Славуты гісторык усходнеславянскіх моў, даследчык універсальны па шырыні ахопу тэматыкі навуковых даследаванняў Уладзімір Васільевіч развіў і ўдасканаліў навуковы патэнцыял кафедры.

Вялікае месца ў навуковай дзейнасці У.В. Анічэнка займала вывучэнне творчай спадчыны нашага першадрукара Францыска Скарыны, вызначэнне лексічнага багацця літаратурна-пісьмовай спадчыны Скарыны, яго ўкладу ў станаўленне літаратурнай мовы беларускага народа. “Слоўнік мовы Скарыны”, выдадзены У.В. Анічэнкам з’явіўся грунтоўнай працай па гістарычнай лексікаграфіі і паклаў пачатак серыі аўтарскіх лексікаграфічных прац, прысвечаных збору і сістэматызацыі лексічных скарбаў выдатных прадстаўнікоў беларускай і усходнеславянскай культуры. Плённае вывучэнне творчай спадчыны нашага славутага асветніка і гуманіста, стварэнне навуковай скарыназнаўчай школы, актыўная папулярызацыя асветніцкай дзейнасці першадрукара ў студэнцкім асяроддзі абумовілі ініцыятыву Уладзіміра Васільевіча, падтрыманую кіраўніцтвам вну аб прысваенні ўніверсітэту высокага імя Францыска Скарыны, якое было прысвоена Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту ў 1988 г. З гэтага часу наш універсітэт стаў цэнтрам збору і вывучэння скарыназнаўчых матэрыялаў. За цыкл прац “Лінгвістычная Скарыніяна” У.В. Анічэнка быў узнагароджаны ў 1988 г. Дзяржаўнай прэміяй БССР у галіне навукі. У 1993 г. па ініцыятыве У.В. Анічэнкі пры ГДУ быў створаны музей-лабараторыя Францыска Скарыны.

У лінгвістычнай дзейнасці У.В. Анічэнкі і навуковым жыцці кафедры беларускай мовы асобае месца заняла падрыхтоўка васьмітомнага “Слоўніка мовы Янкі Купалы” (СМЯК, 1997 – 2012 гг.), якую пад кіраўніцтвам загадчыка ажыццявіў калектыў лексіколагаў – прафесарска-выкладчыцкі састаў кафедры беларускай мовы і супрацоўнікі лінгвістычнай лабараторыі пры кафедры беларускай мовы.

Купалаўскі слоўнік – гэта ўнікальнае ў беларускай лексікаграфіі выданне. Ён уяўляе сабой даведнік шырокага філалагічнага профілю, прызначаны для асэнсавання не толькі творчых дасягненняў Купалы, але і наогул беларускай культуры. У ім зафіксаваны каштоўны лінгвістычны і літаратуразнаўчы матэрыял, пададзена вычарпальная характарыстыка слоў з літаратурна-мастацкіх твораў класіка беларускай літаратуры. Укладальнікі слоўніка ставілі на мэце не толькі зафіксаваць лексічны матэрыял  купалаўскіх твораў, але і паказаць частотнасць выкарыстання аўтарам кожнай слоўнікавай адзінкі, вызначыць яе граматычную характарыстыку, акрэсліць семантычны аб’ём, указаць адметнасці аўтарскага словаўжывання, раскрыць функцыі і стылістычную ролю ў кантэксце твораў паэта, адлюстраваць парадыгму формаўтварэння кожнай лексічнай адзінкі, адзначыць варыянтныя і сінанімічныя формы, праілюстраваць сказанае тыповымі прыкладамі з твораў Купалы. Вывучэнне мовы творчасці Янкі Купалы мае выключна важнае значэнне для асэнсавання яго ролі ў гісторыі развіцця беларускай літаратурнай мовы, дазваляе вызначыць і пераканаўча паказаць, якія лексіка-семантычныя і структурныя кампаненты купалавага слова сталі набыткам сучаснай беларускай мовы і што змянілася ў яе слоўніку за мінулы перыяд. Гэты выключна станоўчы вынік быў дасягнуты дзякуючы таму, што з самага пачатку працы калектыў складальнікаў СМЯК узначальваў такі дасведчаны і высокапрафесійны лексікограф і гісторык мовы, як У.В. Анічэнка.

Па ініцыятыве У.В. Анічэнкі з 1973 года ў выдавецтве БДУ (з 1996 г. у ГДУ) стаў выходзіць міжведамасны зборнікі навуковых артыкулаў “Беларуская мова і мовазнаўства” (1973-1976), “Беларуская мова” (1977-1999 гг.). Усяго за гэтыя гады пад рэдакцыяй У.В. Анічэнкі выйшлі 24 выпускі зборніка, у якіх публікавалі свае артыкулы выкладчыкі і аспіранты Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама іншых вну і навуковых устаноў нашай рэспублікі – БДУ, Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук, Мазырскага, Віцебскага, Гродзенскага, Магілёўскага, Брэсцкага універсітэтаў. З 2000 г. лінгвістычныя артыкулы сталі публікавацца ў “Известиях ГГУ имени Франциска Скорины” ў выпуску “Беларуская мова”.

У.В. Анічэнка быў ініцыятарам правядзення рэгулярных рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцый, прысвечаных рэгіянальнаму даследаванню беларускай мовы, вывучэнню творчай спадчыны Ф. Скарыны:

“Рэгіянальныя традыцыі ва ўсходнеславянскіх мовах, літаратурах і фальклоры”;

“Скарынаўскія чытанні”;

“Скарына і наш час”;

“Пытанні нармалізацыі беларускай навуковай тэрміналогіі”;

“Навуковыя чытанні, прысвечаныя С.Некрашэвічу”;

“Перспектывы развіцця і функцыянавання нарматыўнай лексікі”.

Па ініцыятыве У.В. Анічэнкі пры кафедры беларускай мовы ў 1973 годзе была адкрыта аспірантура па спецыяльнасці 10.02.01 – беларуская мова. За перыяд дзейнасці аспірантуры 38 яе выпускнікоў паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі.

Дзякуючы настойлівым намаганням У.В. Анічэнкі пры Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны загадам БелВАКа ад 16.04.96 (загад № 57) быў зацверджаны Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый К.02.12.03, які дзейнічаў па 2006 г.За перыяд дзейнасці Савета з 1996 па 2006 г.г. былі абаронены 34 кандыдацкія дысертацыі па спецыяльнасці 10.02.01 – беларуская мова (з іх 18 – выкладчыкамі і супрацоўнікамі ГДУ).

У.В. Анічэнка – гэта чалавек-эпоха, чалавек – жывая гісторыя, асоба, жыццё якой напоўнена падзеямі як трагічнымі, змрочнымі, так і светлымі, шчаслівымі. Як і любая выдатная асоба, ён быў неадназначнай фігурай. Жорсткі і патрабавальны кіраўнік, строгі і прынцыповы загадчык, “максімаліст” унутры кафедры, ён быў усё-такі “родны бацька” для маладых калег і аспірантаў, умеў абараніць і падтрымаць кожнага за межамі кафедры.

Надзвычай адказны за сваю справу, ён быў такім жа патрабавальным  і да іншых, чакаў ад усіх “па максімуму”. Строгі і стрыманы на пахвалу, скупы на кампліменты, ён знаходзіў словы падтрымкі для кожнага. Ён умеў заўважыць здольных, знаходзіць апантаных, захопленых навукай людзей і заўсёды імкнуўся іх падтрымаць. Мудры і прадбачлівы, разважлівы і спрактыкаваны, ён умеў падказаць выйсце нават з самай заблытанай, складанай сітуацыі. Ён вучыў ніколі не адчайвацца, не скарацца перад цяжкасцямі, упэўнена крочыць да мэты, дасягаць яе, дамагацца свайго.

Уладзімір Васільевіч умеў “дыхаць на поўныя грудзі”. Нават у свае 70 з лішнім уставаў рана, любіў першым прыходзіць на працу, каб папрацаваць над чарговай кнігай або артыкулам, абавязкова забягаў на факультэт, каб наведаць калег, сяброў. Умеў працаваць – умеў і адпачываць, і ніколі не блытаў адно з другім.

Выключна энергічны, актыўны, дзейсны, таленавіты арганізатар, аптымістычны і жыццярадасны чалавек, ён пражыў жыццё змястоўнае, цікавае, насычанае падзеямі і здарэннямі, напоўненае пошукамі і знаходкамі. Самае лепшае пацверджанне гэтаму – яго справы, якія ён нам перадаў. Гэта і калектыў кафедры, якую ён стварыў і якая па праву лічыцца адной з самых моцных па навуковаму патэнцыялу ва ўніверсітэце. Гэта і моцная кагорта вучоных – яго вучняў. Гэта і грунтоўныя навуковыя выданні.

У 1991 годзе загадчыкам кафедры беларускай мовы была абрана кандыдат (а з 1997 года – доктар) філалагічных навук прафесар Аляксандра Аляксандраўна Станкевіч.

Аляксандра Аляксандраўна распачала новую старонку ў гісторыю кафедры беларускай мовы. Плённа развіваючы навуковы патэнцыял, назапашаны прафесарска-выкладчыцкім саставам кафедры пад кіраўніцтвам У.В. Анічэнкі, А.А. Станкевіч разгарнула навукова-метадычную працу на новым узроўні. У 2002 г. пры ГДУ быў адкрыты Інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў, у задачы якога ўваходзіла вывучэнне традыцый матэрыяльнай і духоўнай культуры ўсходнеславянскіх народаў, развіццё навуковых і творчых сувязей з навукова-даследчымі і адукацыйнымі ўстановамі. Трывалыя навуковыя сувязі сфарміраваліся ў кафедры з філіялам Бранскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя акад. І.Г. Пятроўскага ў г. Навазыбкаве. У сферу навуковых інтарэсаў А.А. Станкевіч уваходзяць гістарычная і сучасная літаратурная і дыялектная лексікалогія, стылістыка і культура маўлення, рыторыка, мова вуснай народна-паэтычнай творчасці, традыцыйная народная культура.

Аляксандра Аляксандраўна ўзначальвала кафедру, рыхтавала манаграфіі і артыкулы, натхнёна займалася ўласнай навуковай дзейнасцю, дапамагала рабіць першыя крокі ў навуцы студэнтам і аспірантам і пры гэтым заставалася прыгожай жанчынай, якая прыцягвала да сябе адабральныя мужчынскія погляды і зайздросныя жаночыя. Пры гэтым прафесар засталася сціплай і спакойнай і ставіцца да калег і студэнтаў з разуменнем і павагай.

Аляксандра Александраўна – сапраўдны педагог і чалавек. Пад яе навуковым кіраўніцтвам вырасла і пасталела большая частка выкладчыкаў нашай кафедры. Больш таго, Аляксандра Александраўна мудра выхавала сабе змену як загадчыку кафедры і натхніла Алену Мікалаеўну Ермакову прыняць эстафету кіраўніцтва выкладчыка-прафесарскім складам кафедры.

У 2012 годзе загадчыкам кафедры беларускай была абрана кандыдат філалагічных навук дацэнт Алена Мікалаеўна Ермакова. Таленавіты навуковец, выкладчык з яскравым талентам журналіста-публіцыста, Алена Мікалаеўна распрацавала многія курсы спецыялізацыі “Літаратурная работа ў газетах і часопісах”. Разам з тым галоўнай задачай А.М. Ермакова лічыць не спыняцца на дасягнутым і не толькі падтрымліваць, але і развіваць здабыткі кафедры беларускай мовы. З ініцыятывы Алены Мікалаеўны кафедра беларускай мовы да ўжо стаўшых рэгулярнымі навуковых канферэнцый далучыла арганізацыю Рэспубліканскага навуковага форуму “Скарына і наш час: да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання”. А.М. Ермакова ініцыіравала і натхніла стварэнне пры кафедры беларускай мовы Скарынаўскага кабінета.

Імкнецца развіваць Алена Мікалаеўна і міжнароўдныя навуковыя сувязі. Вынікі навукова-метадычнай і навукова-практычнай дзейнасці выкладчыкаў кафедры садзейнічалі арганізацыі на кафедры навукова-метадычнага семінара «Інавацыйная прастора філолага: рэаліі і перспектывы». На гэтай навукова-метадычнай сустрэчы выкладчыкі нашай вну разам з супрацоўнікамі іншых навучальных устаноў краіны, а таксама замежных вну, у першую чаргу – Мелітопальскага дзяржаўна-педагагічнага ўніверсітэта, праз абмен вынікамі навуковых даследаванняў і новымі метадычнымі распрацоўкамі спрыяюць развіццю адукацыйнага ўзроўню і садзейнічаюць міжнароднаму ўзаемадзеянню.

Са снежня 2017 года кафедру беларускай мовы ўзначаліла к.ф.н. дацэнт Алена Мікалаеўна Воінава