Майстар-клас “Структура і прызначэнне адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, агульныя падыходы да выкарыстання навучальных модулей па беларускай мове і беларускай літаратуры”

12 лютага 2021 года студэнты групы БФ-31 пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры беларускай мовы З.У. Шведавай, а таксама дэкан факультэта А.М. Палуян і выкладчыкі-метадысты д.ф.н. праф. В.А. Ляшчынская і к.ф.н. дац. А.В. Брадзіхіна паўдзельнічалі ў майстар-класе “Структура і прызначэнне адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, агульныя падыходы да выкарыстання навучальных модулей па беларускай мове і беларускай літаратуры”, праведзеным настаўнікам-метадыстам беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 6 г. Рагачова» Бедняковай Ірынай Валянцінаўнай. Майстар-клас праходзіў у рамках XІІІ Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі «Сучасная адукацыя: пераемнасць і неперарыўнасць адукацыйнай сістэмы «ШКОЛА – УНІВЕРСІТЭТ – ПРАДПРЫЕМСТВА», арганізаванай ГДУ імя Ф.Скарыны.

Майстар-клас даў магчымасць нашым студэнтам – будучым настаўнікам – даведацца аб працы адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, якая пачалася з 1 студзеня 2021 года, пазнаёміцца з яго структурай і магчымасцямі. На рэсурсе размешчаны камплекты вучэбна-метадычных матэрыялаў па ўсіх вучэбных прадметах, якія ўключаюць відэафрагменты з тлумачэннем вучэбнага матэрыялу і тэставыя заданні для самаправеркі ведаў і ўменняў. Бібліятэка вучэбных матэрыялаў структуравана па вучэбных прадметах, класах, тэмах вучэбнай праграмы па прадмеце і будзе паступова папаўняцца новымі матэрыяламі.

Настаўнік-метадыст І.В. Беднякова паказала, як карыстацца адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсам, запрасіла да супрацоўніцтва.

Дзякуем арганізатарам канферэнцыі за запрашэнне такіх цудоўных настаўнікаў-метадыстаў і непасрэдна Ірыне Валянцінаўне за слушную і карысную інфармацыю, якая дапаможа нашым студэнтам больш якасна рыхтаваць канспекты ўрокаў па беларускай мове і літаратуры, а ў будучым праводзіць гэтыя ўрокі з магчымасцю выкарыстання разнастайных форм працы.