Знаўцы роднай мовы
З 29 сакавіка па 2 красавіка 2021 года ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці праходзіў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
Свае веды праверылі 127 навучэнцаў 9, 10 і 11 класаў. Былі прадстаўлены каманды з шасці абласцей, г. Мінска і ліцэя БДУ.
У першы дзень удзельнікі пісалі водгук на мастацкі твор (для 9 і 11 класаў быў прапанаваны вершаваны твор, для 10 класа – празаічны), а назаўтра выконвалі комплексную работу па беларускай мове і літаратуры.
Водгук на мастацкі твор належыць да найбольш складаных і адказных конкурсаў алімпіяды як для вучняў і настаўнікаў, якія займаюцца падрыхтоўкай каманд, так і для членаў журы. Гэта абумоўлена яго творчым характарам. Комплексная работа правярае як практычныя навыкі (пісьменнасць, уменне карыстацца літаратурнай мовай, засваенне мовазнаўчага матэрыялу па ўсіх раздзелах курса беларускай мовы), так і навыкі працы са спецыяльнай лінгвістычнай літаратурай, уменне правільна тлумачыць і абагульняць моўныя факты. Заданні па літаратуры прадугледжваюць веданне канкрэтных твораў, адметнасць творчасці пісьменніка, суадносіны псеўданіма пісьменніка з сапраўдным імем, разуменне тэарэтычных паняццяў, сувязь літаратуры з іншымі відамі мастацтва, веданне твораў, якія вывучаліся на памяць.
У складзе журы прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі з кожнай вобласці, у тым ліку і выкладчыкі філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны (А.М. Палуян. Н.П. Цімашэнка. З.У. Шведава).
У журы была складаная і надзвычай адказная задача — выявіць найлепшых з лепшых, самых годных, тых хлопцаў і дзяўчат, якім неабыякавы сучасны стан беларускай мовы. Думаецца, што з гэтай задачай строгае і справядлівае журы справілася.
А. Палуян, дэкан філалагічнага факультэта