ІІІ этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”

17.03.2023 – на базе філалагічнага факультэта праходзіў ІІІ этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”. Лепшыя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры нашай вобласці – Есіс Яўген Валер’евіч, Зямлянік Таццяна Мікалаеўна, Галіцкая Мая Аляксандраўна – паказалі свае майстар-класы на студэнтах 2-3 курсаў нашага факультэта, якім такі актыўны вопыт быў вельмі карысным.

Есіс Яўген Валер’евіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №16 г.Мазыра”, прапанаваў майстар-клас “Кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні на ўроках літаратуры: значэнне, структура, перспектывы выкарыстання”, мэтай якога было паказаць, як фармуляваць кампетэнтнасна-арыентаванае заданне, якімі паказчыкамі яно характарызуецца і чаму вучыць такое заданне.

Зямлянік Таццяна Мікалаеўна, настаўніца ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Турава”, прапанавала майстар-клас “Казка – у жыцці падказка”, мэтай якога было пазнаёміць з паняццем медыяграматнасці: умець знаходзіць патрэбную інфармацыю ў сеціве, аналізаваць і ацэньваць паведамленні ў розных відах, жанрах і формах медыя і ствараць уласныя медыятэксты.

Галіцкая Мая Аляксандраўна, настаўніца ДУА “Чабатовіцкая сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна”, прапанавала майстар-клас “Стужка часу як адзін са спосабаў развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў на ўроках беларускай літаратуры”, мэтай якога было пазнаёміць з прапанаваным прыёмам візуалізацыі, паказаць розныя яго віды і спосабы выкарыстання.

Нашы будучыя настаўнікі былі вельмі задаволены ўдзелам, высока ацанілі прафесіяналізм настаўнікаў, наглядна пазнаёміліся з прымяненнем розных прыёмаў і формаў працы на ўроку. Дзякуем арганізатам за выбар філалагічнага факультэта ў якасці пляцоўкі для правядзення такога конкурсу.

З.У. Шведава