З натхненнем у падарожжа, або сустрэча з І.Плескачэўскай

16 сакавіка студэнты філалагічнага  факультэта групы БФ-21 разам з  дэканам Палуян А.М. наведалі абласную  бібліятэку, дзе адбылася прэзентацыя  кніг Інесы Плескачэўскай “Без  железного занавеса” і “Как разгадать Китай”.

Інеса Мікалаеўна Плескачэўская – ураджэнка Гомеля. Закончыла філасофскае аддзяленне БДУ. Сем гадоў працавала ў сістэме Міністэрства замежных спраў, у тым ліку ў беларускіх пасольствах у Латвіі і Вялікабрытаніі. Больш за 12 гадоў была карэспандэнтам газеты “СБ. Беларусь сегодня” і АНТ у Кітаі. Зараз – карэспандэнт СБ у Еўраcаюзе. Аўтар некалькіх кніг і дакументальных фільмаў. Узнагароджана прэміяй “Телевяршыня”. Лаўрэат трох міжнародных журналісцкіх конкурсаў.

У аснове кнігі “Как разгадать Китай” – аўтарскія калонкі і артыкулы, якія публікаваліся на старонках газеты “СБ. Беларусь сегодня”. Аўтар спрабуе даць адказ на пытанне – як зразумець краіну і спасцігнуць кітайскую душу, загадкавую, незразумелую і таямнічую? На думку дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя А.А. Тозіка, кніга Інесы Мікалаеўны – выдатны дадатак навуковага кітаязнаўства. Спасцігнуць кітайскую душу не-кітайцу немагчыма, але кніга І. Плескачэўскай і змешчаныя ў ёй ілюстрацыі таленавітага фотамастака Міхаіла Пеньяўскога дапамогуць прайсці значную частку шляху ў гэтым кірунку.

Праект “Без железного занавеса” прысвечаны краінам былога сацыялістычнага лагера. Аўтар пабывала ў Германіі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Польшчы, Балгарыі і Румыніі. Інеса Мікалаеўна расказала пра ідэю праекта, выбар менавіта такіх краін, свае сустрэчы  з рознымі асобамі – кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў таго часу, бізнесменамі, эканамістамі, артыстамі і мастакамі, простымі жыхарамі.

Гэта кніга расказвае пра кардынальныя змены ва Усходняй Еўропе, пра тое, як змяніліся палітыка, эканоміка, культура і жыццё простых людзей. Гэта апавяданне пра тое, як гэта – жыць у эпоху перамен, пра тое, што было пасля, пра надзеі, радасці, перамогі і расчараванні.

А. Палуян, дэкан філалагічнага факультэта

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзялілася студэнтка 2 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Таццяна Пімінёнкава:

Некалі М.Твэн слушна заўважыў: “Падарожнічаць неабходна тым, хто вучыцца”.  Мне здаецца, што гэта адзін з матываў сустрэчы І.Плескачэўскай з чытачамі. Эмацыйная, натхняльная, з высокім узроўнем інтэлекту жанчына захапіла ўсю залу аповедамі пра напісанне, выданне і сутнасць сваіх кніг, пра краіны, дзе яна жыла, ды і ўвогуле пра жыццё.

Нездарма кажуць, што выдатны чалавек выдатны ва ўсім. Гэта пра Інесу Мікалаеўну. Яе кнігі адчыняюць дзверы ў цудоўныя краіны, якія мы не разумелі або ехалі туды, не ведаючы гісторыі. Чалавек-адкрыццё, жанчына-энцыклапедыя – усё гэта так арганічна спалучылася ў адным чалавеку. Хачу адзначыць, што на прэзентацыі многіх кніг слухач, асабліва студэнт, страчвае цікавасць пасля 30 хвілін, але гэтага не адбылося на сустрэчы з І.М. Плескачэўскай. Сапраўднае дзіва: сядзець і слухаць чалавека з такой натхнённасцю і ўдзячнасцю за тыя кнігі, якія могуць даваць іншым людзям новыя эмоцыі і веды. Яе стрыманасць, уменне падаць сябе і нават тэмбр голасу заварожвае, з першых хвілін стварае атмасферу душэўнасці і шчырасці.

Казаць можна шмат, але лепш прачытаць і натхніцца. Вельмі ўдзячная І.Плескачэўскай за сустрэчу, яе справу і маральнае задавальненне.