Знаўцы роднай мовы

З 29 сакавіка па 2 красавіка 2021 года ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці праходзіў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па  беларускай мове і літаратуры.

Свае веды праверылі 127 навучэнцаў 9, 10 і 11 класаў. Былі прадстаўлены каманды з шасці абласцей, г. Мінска і ліцэя БДУ.

У першы дзень удзельнікі пісалі водгук на мастацкі твор (для 9 і 11 класаў быў прапанаваны вершаваны твор, для 10 класа – празаічны), а назаўтра выконвалі  комплексную работу па беларускай мове і літаратуры.

 Водгук на мастацкі твор належыць да найбольш складаных і адказных конкурсаў алімпіяды  як для вучняў і настаўнікаў, якія займаюцца падрыхтоўкай каманд, так і для членаў журы. Гэта абумоўлена яго творчым характарам. Комплексная работа правярае як практычныя навыкі (пісьменнасць, уменне карыстацца літаратурнай мовай, засваенне мовазнаўчага матэрыялу па ўсіх раздзелах курса беларускай мовы), так і навыкі працы са спецыяльнай лінгвістычнай літаратурай, уменне правільна тлумачыць і абагульняць моўныя факты. Заданні па літаратуры прадугледжваюць веданне канкрэтных твораў, адметнасць творчасці пісьменніка, суадносіны псеўданіма пісьменніка з  сапраўдным імем, разуменне тэарэтычных паняццяў, сувязь літаратуры з іншымі відамі мастацтва, веданне твораў, якія вывучаліся на памяць.

У складзе журы  прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі з кожнай вобласці, у тым ліку і выкладчыкі  філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны (А.М. Палуян. Н.П. Цімашэнка. З.У. Шведава).

У журы была складаная і надзвычай адказная задача — выявіць найлепшых з лепшых, самых годных, тых хлопцаў і дзяўчат, якім неабыякавы сучасны стан беларускай мовы. Думаецца, што з гэтай задачай строгае і справядлівае журы справілася.

А. Палуян, дэкан філалагічнага факультэта